Пра сваю вайну, вайну, якую ўдалося перажыць і ў якую пашчасціла выжыць, чытачам Медиа-Полесья распавёў ветэран Вялікай Айчыннай вайны з вёскі Радчыцк Сцяпан Фядосавіч Сніпіч.
Зараз Сцяпану Фядосавічу 91 год, але, нягледзячы на сталы ўзрост, ён на ўсё жыццё запомніў тыя страшныя моманты жыцця, якія забыць проста немагчыма.
Нарадзіўся ў Радчыцку ў 1926 годзе ў сям’і Любові і Фядоса Сніпічаў. Акрамя яго, бацькі выхоўвалі яшчэ сем сыноў і дачок.
Калі Століншчыну летам 1944 года вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пачалася мабілізацыя ў армію мужчын з вызваленых тэрыторый. 18-ці гадовым юнаком Сцяпан Сніпіч таксама быў прызваны на службу. Першых мабілізаваных накіравалі на Украіну ў Белую Царкву. Разам са Сцяпанам Сніпічам на фронт пайшлі аднавяскоўцы Сеня Лузько, Сцяпан Еўтух, Міхал Герасімчук і іншыя.
– Цэлы месяц нас вучылі там. Патрэніравалі, а потым прыехаў лейтэнант з фронту і забраў нас, – расказвае Сцяпан Фядосавіч.
Трапіў радчук на 1-шы Беларускі фронт, у 73-ці стралковы батальён. Сцяпана Сніпіча рыхтавалі стралком-аўтаматчыкам, аднак на фронце давялося быць памочнікам-связістам камандзіра. Сцяпан Фядосавіч быў ранены ў час бою пад Рыгай.
– Не было страху. Ішоў і ўсё, – узгадвае ветэран. – Там мяне і раніла трафіруючым снарадам – абсыпала ўсяго быццам спорным дажджом.
Ранены салдат ляжаў на полі бою, чакаючы хоць якой дапамогі, а бой працягваўся. Аднак пра раненага байца не забыліся, санітары знайшлі яго і сталі забіраць.
– Паклалі мяне на насілкі, занеслі да балота. А тут як пачалі страляць, снарады сталі часцей ўзрывацца, дык мяне і апусцілі з гэтымі насілкамі на зямлю, самі да зямлі прыпалі, – хвалюючыся ўспамінае аб жудасных хвілінах свайго жыцця Сцяпан Фядосавіч. – Ляжу, цела баліць. А снарады свішчуць і ўзрываюцца: то не далятаюць да мяне, то пералятаюць мяне. Ляжаў так, ды думаў, калі ў мяне які патрапіць. Потым усё сціхла, мяне зноў хуценька падхапілі і панеслі.
Сцяпан Фядосавіч памятае старога салдата, які кіраваў белым канём, запрэжаным у вазок, куды яго, раненага, паклалі і павезлі ў санчасць. Усе плечы, спіна, рукі былі параненыя. Атрымаўшы першую дапамогу ў санчасці, праседзеўшы ноч у чаканні транспарту для перавозу ў шпіталь, Сцяпан Сніпіч разам з іншымі раненымі раніцою ў кузаве аўтамабіля, засланага хваёвым галлём, быў адпраўлены ў шпіталь. Знаходзіўся той у горадзе Паўлаве Горкаўскай вобласці. Там маладога байца аперыравалі, там ён лячыўся доўгі час пад наглядам медыкаў. У целе Сцяпана Фядосавіча засталіся чатыры асколкі, якія дастаць было немагчыма. Так і жыве ён з імі.
Пасля шпіталя быў ваенны перасыльны пункт у Молатава, дзе было прынята рашэнне камісаваць байца Сніпіча з-за цяжкіх раненняў.
– Прыехаў дахаты, падлячыўся, жаніўся, – усміхаецца ветэран.
Разам з жонкай Надзеяй вырасцілі двух дачок Еву і Марыю. Жонкі даўно ўжо не стала, таму Сцяпана Фядосавіча радуюць чацвёра ўнукаў і двое праўнукаў, якія наведваюць дзядулю і прадзядулю ў вёсцы.
Зараз Сцяпан Фядосавіч жыве з Верай Афанасьеўнай Сушчык. Будучы добрымі сябрамі па жыцці, былыя суседзі, застаўшыся адны ў сваіх дамах, вырашылі жыць разам, бо так ім лягчэй.
– Дзеці і ўнукі ж не могуць прыязджаць кожны дзень. А так мы і пагаворым, і паядзім, і, калі што якое, дык дапамагаем адзін аднаму. Гады ідуць, а сілы не дадаюцца, – уздыхаюць Сцяпан Фядосавіч і Вера Афанасьеўна.
Веру Афанасьеўну жыццё не песціла, толькі гэта ўжо іншая гісторыя, не менш жахлівая і трагічная, як і гісторыя ўсіх тых, каму давялося зведаць гады сталінскіх рэпрэсій. Нягледзячы на ўсе жыццёвыя выпрабаванні, жанчына захавала сваё прыроднае пачуццё гумару і не апускае рук. Разам са Сцяпанам Фядосавічам ім весялей, а іх дзецям спакайней за бацькоў.
У Дзень Перамогі мы жадаем здароўя, радасці і як мага больш светлых дзён усім паважаным ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, усім тым, хто стаў сведкам страшных падзей, якія адбыліся больш за 70-гадоў таму назад. ДЗЯКУЙ ЗА ПЕРАМОГУ!