22 ноября 2024, пятница23:31

Культура

Як мы ў “конікі” хадзілі

14 января 2017, 12:33

У ноч з 13 на 14 студзеня па ўсёй Беларусі адзначаюць шчодры вечар – архаічнае свята нашых продкаў.

У Давыд-Гарадку, што на Століншчыне, “шчодрык” з даўніх часоў завецца “конікам”. Гэта таму, што галоўны персанаж тутэйшага народнага карнавала – “конь” (зроблены з лазы і пакрыты белай тканінай) і “ездавы” (малады, нежанаты хлопец), да якога і прымацоўваецца гэты “конь”.

“Конік” увесь час весела скача і першым уваходзіць у кантакт з гаспадарамі .

Абраду на “шчодрыкі” ў такім фармаце няма нідзе ў Беларусі, таму карэспандэнт МП выправіўся ў Давыд-Гарадок паглядзець на “конікаў”.

Прыехаўшы у Давыд-Гарадок днём, можна не заўважыць, што мястэчка рыхтуецца да грандыёзнага карнавалу. Паўсюль ціха, толькі на галоўнай плошчы збіраюць намёты прадаўцы дробных кітайскіх сувеніраў, папкорну і салодкай ваты.

На пытнанне, дзе ж вашы конікі, людзі адказваюць: пачакайце вечара, тады ўсё і пачнецца.

Давыд-Гарадзенскі выглядае самотна, на плошчы ўдзень людзей амаль няма

У мясцовым Доме культуры, які месціцца ў будынку былога касцёла, карэспандэнта МП гасцінна напаілі кавай і патлумачылі, што ў гэты дзень у Давыд- Гарадок з’язджаюцца творчыя калектывы са ўсёй вобласці. Потым за імі замацоўваецца куратар і яны, прыкладна а пятай вечара, пачынаюць хадзіць і шчадраваць па ўзгодненых маршрутах. Бліжэй да 20.00 людзі збіраюцца на плошчы ля галоўнай елкі.

Арганізаваны карнавал – добра, аднак хацелася б убачыць, як самі гарадчукі адзначаюць сваё свята.

Таму выпраўляемся па даволі шырокіх вуліцах мястэчка шукаць сапраўдных “конікаў”. Праз некаторы час карэспандэнт МП выпадкова трапіў на групу хлопцаў, якія на першы погляд былі падобныя на футбольных фанатаў. У спартовых штанах і шапках яны сядзелі на лавах каля крамы, у іх нават быў бубен і піянерскі горн, ў якія яны час ад часу білі і трубілі. Крыху бянтэжылі маскі Шрэка, Свінні і Мікі Маўса, якія ляжалі побач з “фэнамі”.

Гэта не футбольные фаны, а гарадчукі збіраюцца шчодраваць

На пытанне аб “коніках” хлопцы адказваюць:

-Так, мы зараз рыхтуемся, а як сцемнее, пойдзем па хатах. Далучайцеся да нас, усё пакажам і раскажам.

Гэта апынуліся сябры-гарадчукі, якія штогод ходзяць у “конікі” і самі робяць касцюмы і маскі:

– Сапраўдны хэнд мэйд, – кажуць хлопцы, іншыя бяруць касцюмы напракат, а мы такое не паважаем. Самі робім. Ёсць у нас традыцыйныя Конь, Каза, Воўк, Певень, Бык, ну, і сучасныя Шрэк, Мікі Маўс, Дзед Мароз і Снягурка. У Воўка нават цыгарэта ў роце чырвоным светладыёдам свеціцца, як сапраўдная. Ёсць яшчэ цыганкі… Карацей чалавек 14 ў нашай кампаніі збіраецца, ёсць і дзяўчыны.

Горн, абавязковы інструмент – ім апавяшчаюць, што у госці ідзе конік

Потым хлопцы распавялі смешны выпадак, калі летась адзін з іх закурыў у масцы і яна загарэлася. Патушылі, канешне…

Неўзабаве да хлапцоў падыйшоў іх сябра з гармонікам ў касцюме Пеўня і пачаў граць завадную музыку. Паступова кампанія папаўнялася новымі таварышамі.

– Пачынаем хадзіць, як сцямнее, – кажуць гарадчукі. Удзень дзеці ходзяць у “конікі”, ім так не страшна.

На пытанне, навошта хадзіць у “конікі”, адказваюць, што традыцыя такая:

– Бацькі нашыя хадзілі, мы за імі. Весела. Потым, як крыху падраслі, то самі пачалі хадзіць, галоўнае было са старэйшымі “конікамі” не перасекчыся, а то можна было па карку атрымаць, – смяюцца калядоўшчыкі. Цяпер канфліктаў амаль няма.  

Выправіліся ў конікі

На пытанне, можа, хлопцы і дзяўчаты з якога Дома культуры, бо надта добра спяваюць, гарадчукі са смехам адказваюць, што не – гэта не так.

– Працуем мы, хто дзе змог уладкавацца, і святкуем.

З весёлымі спевамі

Калі сцямнела, кампанія выправілася ў свой святочны паход, натуральна са спевамі і танцамі. Маршрут аказваецца ўжо распрацаваны:

– Да нас загдзя людзі звяртаюцца і просяць каб зайшлі. Дзеткам паказваюць і гасцям з іншых мясцовасцяў. Такога ж абраду нідзе больш нема. Да некаторых можам і без запрашэння зайсці. Нам даюць розныя пачастункі і грошы, могуць і чарку наліць,  – дзеляцца сваімі сакрэтамі гарадчукі.

Ездавы – галоўны герой карнавала

Гаспадары ўжо чакаюць конікаў

 “Конікі” заходзяць у першы ў спісе двор. Іх ужо чакаюць гаспадары і дзеці. Калядоўшчыкі спяваюць, зычаць усім здароўя, дабрабыту. Атрымліваюць належныя пачастункі і весела сыходзяць. Раптам да нашай кампаніі падбягае дачка гаспадароў дома са слодычамі:

– Гэта карэспандэнту, – кажа дзяўчына.

– Спадабаўся, – смяюцца гарадчукі.

Далей калядоўшчыкі павінны былі прайсці аўтамабільны мост праз раку Гарынь. Вось там і пачаўся сапраўдны “чос”. “Конікі” спынялі амаль кожны аўтамабіль і “шчадравалі”.  Праўда, карэту “Хуткай дапамогі” і трактар МТЗ прапусцілі без перашкод. Кіроўцы і пасажыры легкавікоў давалі конікам цукеркі і грошы і зычылі адно аднаму дабра.

Блок-пост-конікаў на мосце праз Гарынь

Ездавы на коніку вітаецца з кожным пасажырам

Абавязковая калядка

Кіроўцы даюць конікам дробныя грошы, ці цукеркі

Прагуляўшыся з паўгадзінкі па мосце наша кампанія вырашыла даць і другім “конікам” падзарабіць і рушыла далей па сваіх заяўках.

Певень і Мікі Маўс на гарадокскіх коніках

Шчаслівы гаспадар рады гасцям

Воўк грае на горне і збірае пачастункі

– Так мы можам доўга хадзіць, людзей радаваць. Потым, калі не стомімся, на плошчу сходзім – там павесялімся, можа, прыз які дадуць.

Такую вясёлую кампанію можна сустрэць у шчодры вечар у Давыд-Гарадку

На гэтым мы развітваемся з вясёлымі “конікамі” і з добымі пажаданнямі і падарункамі вяртаемся дадому.

ДАВЕДКА “МП”

Абрад “Конікі” у Давыд-Гарадку вельмі старажытны, спецыялісты пакуль не могуць вызначыцца, калі яго пачалі упершыню выконваць. Аднак па мясцовых канонах, 13 студзеня, гадзін у пяць вечара ўдзельнікі “конікаў” пачынаюць збірацца разам у якой небудзь хаце і прыбірацца ў карнавальныя касцюмы. Галоўны персанаж свята – конь і “ездавы”. Карнавал суправаджаюць музыканты, якія абавязкова маюць ражок, каб апавяшчаць аб прыходзе коніка. Апрануўшыся, са смехам і музыкай, конікі выходзяць на вуліцу, гадзін у 6-7 вечара. Заходзяць у кожны дом, не пытаючыся дазволу. 

У хаце адразу спяваюць наступную песню:

Там стаяла сасна, тонка-высока,Шчодры вечар.

 Тонка- высока,лістом шырока.

 А на той сасонцы – золата корыца,

 Золата корыца, майская росіца.

 Ой-да налецелі майскія пташкі,

 Ой-да ту корыцу ўсю поклевалі,

Усю паклевалі, у рукавэц і склалі.

Гаспадыня запрашае ўсіх за стол, у гэты час маскіраваныя па чарзе прамаўляюць добрыя пажаданні: “Дай, Божа, каб за год даждалі” (на што гаспадыня адказвае: “Дай , Божа”); “Каб у вас вяліся куры, каровы і вы, гаспадарочкі, усе былі здаровы”; і г.д. Гаспадары частуць каляднікаў (раней абавязкова за сталом з 12 стравамі). Вясёлыя госці атрымліваюць падарункі: грошы, хлеб, каўбасы, гарэлку.

У кожнай хаце “конікі” затрымліваюцца 10-15 хвілін і ідуць далей. На выхадзе з хаты  кожны гаспадар дае ім абавязкова пірог, у адказ тыя жадаюць: “Каб за еты піражок урадзіла жыта стажок. Ні многа, ні мала, а каб у клуню не ўлязала”.


Скриншот видео в инстаграме
Степан Постоялко. На заднем фоне Ирина Абельская и Коля Лукашенко. Коллаж «НН»
Иллюстрация media-polesye.com
Фото: kayseriilkhaber.com
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: pixabay.com
Фото: Shutterstock
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: naviny.media
Александр Лукашенко принимает участие в церемонии открытия конференции ООН по изменению климата в Баку, Азербайджан. 12 ноября 2024 года. Фото: Reuters