Адзін з гараднянскіх ганчароў – 74-гадовы Рыгор Іосіфавіч Кавалька.
Нарадзіўся ён ў 1941 годзе ў Гарадной. Так атрымалася, што бацька маленькага Рыгора загінуў пасля вайны. Па іроніі лёсу мужчына падарваўся на міне ва ўласным агародзе у час работы. Таму хлопчык гадаваўся без яго.
У дзіцячыя гады Рыгор зацікавіўся справай аднавяскоўцаў – ганчарствам. Дапытлівы хлопчык навучыўся рабіць гліняныя рэчы, якія так патрэбны былі ў паўсядзённым жыцці палешукоў. Вось і стварае ўсё сваё свядомае жыццё вырабы з гліны: збаны, глечыкі, гаршкі, міскі, кубкі і г.д. Традыцыйныя вырабы, створаныя рукамі таленавітага майстра, упрыгожваюць самыя розныя выставы народнай творчасці і карыстаюцца попытам сярод спажыўцоў.
З 2010 года Рыгор Іосіфавіч кіруе гуртком “Юны ганчар” у Цэнтры ганчарства вёскі Гарадная. На занятках гуртка пад кіраўніцтвам Рыгора Іосіфавіча маленькія гараднянцы пазнаюць азы майстэрства продкаў, вучацца ганчарнай справе.
Цяперашняму ганчарнаму колу Рыгора Іосіфавіча ўжо пяцьдзясят гадоў. За дзень майстар кажа, што можа зрабіць каля пяцідзесяці вялікіх і малых гаршчкоў. Прычым, справу сваю ён ведае дасканала, што нават з заплюшчанымі вачыма зробіць ідэальны выраб.
Рыгор Іосіфавіч – удзельнік усіх пяці Міжнародных пленэраў ганчароў, што праходзілі і праходзяць ў Гарадной. На гэтым пленэры майстар шчыруе над тым, што робіць ужо шмат гадоў. А ў нядзелю, на Гараднянскім кірмашы, можна будзе ўбачыць і набыць вырабы ганчара.
Гараднянскія майстры, такія як Рыгор Кавалька, яскрава падцвярджаюць, што справа дзядоў не памерла, а перадаецца з пакалення ў пакаленне. У Цэнтры ганчарства школьнікі пад кіраўніцтвам мясцовых ганчароў навучаюцца лепцы і абпалу, спасцігаюць таямніцы гараднянскага посуду.