25 ноября 2024, понедельник06:38

Общество

Украінская дэлегацыя ў ААН разгарнула перад Пуціным сцяг з Ілавайска

29 сентября 2015, 7:44

Падчас выступу прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна на Генеральнай асамблеі ААН ўкраінская дэлегацыя разгарнула прастрэлены сцяг. Сцяг быў прывезены з Ілавайска, дзе ў жніўні 2014 ішлі жорсткія баі паміж украінскай арміяй і сепаратыстамі з самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі».

«Наша дэлегацыя выйшла з залы падчас выступу таварыша Пуціна. На балконе перад ім быў разгорнуты сцяг Украіны з Ілавайска! Хай бачыць», — напісаў у сваім твітары пастаянны прадстаўнік Украіны пры ААН Юрый Сяргееў.

Падчас выступу Пуціна ўкраінская дэлегацыя пакінула залу Генеральнай асамблеі ААН. Раней тое ж зрабіла дэлегацыя Расіі падчас выступу прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі. Тады ў зале застаўся толькі адзін расійскі дыпламат.

Пуцін, выступаючы на Генасамблеі ААН у панядзелак, заявіў, што цэласнасць Украіны не забяспечыць пагрозамі і сілай зброі. Паводле яго слоў, трэба ўлічваць інтарэсы і правы жыхароў Данбаса, паважаць іх выбар, і, як прадугледжваюць Мінскія пагадненні, узгадніць з імі ключавыя элементы ўстройства дзяржавы.

Баі ў Ілавайску і яго ваколіцах, адкуль быў прывезены сцяг, разгорнуты ўкраінскай дэлегацыяй, ішлі з 10 жніўня па 3 верасня 2014 года. У ходзе баёў ўкраінскія вайскоўцы часткова ўзялі горад пад свой кантроль, але пазней былі акружаны сепаратыстамі з самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» і трапілі ў так званы «Ілавайскі кацёл».

У выніку Ілавайск перайшоў пад кантроль сіл «ДНР». Па дадзеных украінскай арміі, у баях за Ілавайск загінулі 366 вайскоўцаў, 289 атрымалі раненні, 128 трапілі ў палон і 158 прапалі без вестак. Страты сепаратыстаў яны ацанілі ў 300 забітых, 220 параненых і 20 палонных. Сепаратысты заявілі пра больш за 900 загінулых ўкраінскіх вайскоўцаў.


Иллюстрация media-polesye.com