Уражаннямі ад сплава да байдарках Юлія падзялілася ў сваем пасце на ФБ”. Перадруковаем без зменаў:
“У гэтым годзе ў мяне былі дзве вандроўніцкія мары: пабачыць Блакітныя азёры і мора Герадота. Палесскае мора было абавязковым пунктам не толькі таму, што гэта адзін з самых папулярных і прыгожых турыстычных маршрутаў, а і таму, што гэта мой самы родны куточак зямлі. Жыццё цяпер такое непрадказальнае, кожную новую вандроўку ўспрымаеш як падарунак, і я проста спяшаюся жыць:)
Я нарадзілася ў Століне, потым да 17 гадоў жыла ў Лунінцу. У падлеткавым узросце часта марыш пераехаць у вялікі горад за большымі магчымасцямі. А дарослай з замілаваннем узіраешся ў маленечкія вёскі і родныя гарады, быццам і там шукаеш адказы на пытанні: а хто я такая, хто мы?
Заўсёды цёпла на душы, калі людзі знаходзяць сваё прызначэнне на малой радзіме, калі знаходзяць справу з сэнсам і карысцю, нягледзячы на ўсе складанасці і перашкоды…
Дык вось паміж маімі роднымі гарадамі акурат цячэ рака Прыпяць. Яна любімая з дзяцінства, як і даволі не простая дарога паміж Лунінцам і Столінам з пераправай праз раку, з вялічэзнымі дрэвамі і нечаканымі заваротамі.