3 лютага 1995 г. галоўная прэзідэнцкая газета «Советская Белоруссия» выйшла з загалоўкам, які адразу прыцягнуў увагу палітыкаў, прэсы і грамадскасці: «Президент Беларуси заявил вчера о намерении инициировать проведение всенародного референдума о государственном флаге, гербе, языках и приватизации».
Такую заяву беларускі лідар сапраўды зрабіў днём раней на сустрэчы з ветэранамі. Каб зразумець, чаму кіраўнік краіны пайшоў на такі крок, трэба звярнуцца да гісторыі.
Як вядома, 10 ліпеня 1994 г. дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання Аляксандр Лукашэнка быў абраны прэзідэнтам. 20 ліпеня 1994 г. ён прынёс урачыстую прысягу.
Аднак ужо ў часе прэзідэнцкай кампаніі было зразумела, што ў выпадку перамогі А. Лукашэнкі ў краіне не пазбегнуць палітычнага супрацьстаяння. Так, пасля першага тура выбараў у чэрвені 1994 г. лідар Беларускага Народнага Фронту (БНФ) і адначасова кіраўнік парламенцкай апазіцыі БНФ Зянон Пазняк заявіў, што Фронт не падтрымае кандыдата А.Лукашэнку, які, на думку Пазняка, адрозніваўся «нянавісцю да беларускага нацыянальнага адраджэння, да рынкавага рэфарматарства, да беларускай культуры».
З гэтай заявы вынікала, што менавіта парламенцкая апазіцыя БНФ стане галоўным крытыкам і палітычным праціўнікам Лукашэнкі, што з цягам часу і сталася. Канечне, у Вярхоўным Савеце было шмат парламентарыеў, якія крытычна ставіліся да новага прэзідэнта, але галоўным рухавіком супрацьстаяння стаў усё ж БНФ.
З восені 1994 г. парламенцкая апазіцыя БНФ распачала шырокамасштабную крытыку дзейнасці прэзідэнта, ягонага атачэння і Кабінета Міністраў. Апазіцыя лічыла, што эканамічная захады новага кіраўніцтва рэспублікі (падвышэнне цэнаў, дэнамінацыя і інш.), а таксама ўся прэзідэнцкая праграма па выхадзе рэспублікі з крызісу, — палавіністыя і недастатковыя. Апазіцыя таксама выступіла супраць прапанаванай Лукашэнкам канцэпцыі т.зв «прэзідэнцкай вертыкалі», калі прэзідэнт атрымоўваў права непасрэднага прызначэння рэгіянальных кіраўнікоў. Увогуле, у дзеяннях прэзідэнта, гаварылася ў адмысловай заяве апазіцыі, агучанай ў Вярхоўным Савеце Зянонам Пазняком 11 лістапада 1994 г., хаос і непрафесійнасць спалучыліся з імкненнем да аўтарытарызму. У другой, больш жорсткай заяве ад 16 лістапада 1994 г. парламенцкая апазіцыя заявіла пра магчымасць імпічменту прэзідэнту.
Апагеем процістаяння прэзідэнта і дэпутацкай групы БНФ у 1994 г. стаў даклад дэпутата Сяргея Антончыка 20 снежня, прысвечаны фактам карупцыі, хабарніцтва, незаконных фінансавых аперацый у органах новай улады. Сутнасць даклада С.Антончыка заключалася ў тым, што ў найбліжэйшым атачэнні А. Лукашэнкі склаліся чатыры магутныя мафіёзныя кланы: прамысловы, аграрны, гандлёва-знешнеэканамічны і чарнобыльскі. Паводле дакладчыка, прадстаўнікі гэтых кланаў у мэтах асабістага ўзбагачэння ажыццяўлялі незаконныя фінансавыя аперацыі і маёмасныя гешэфты, якія наносілі істотную матэрыяльную шкоду рэспубліцы: «Кебич начал разорять Беларусь, а эти добьют ее окончательно».
З лістапада-снежня 1994 г. не толькі парламенцкая апазіцыя, але і Вярхоўны Савет у цэлым пачаў больш крытычна ставіцца да прэзідэнта. Парламентарыяў яўна не задавальняла тое, што сродкі масавай інфармацы, у тым ліку тэлебачанне і радыё паціху пераходзілі пад прэзідэнцкі кантроль. Нават лаяльных да прэзідэнта дэпутатаў узрушыў факт забароны публікацыі даклада Антончыка ў вядучых рэспубліканскіх газетах. Ажно 80 парламентарыяў звярнуліся ў Канстытуцыйны Суд, каб разгледзець справу аб адпаведнасці Канстытуцыі зменаў і дапаўненняў у закон «Аб мясцовым самакіраванні і мясцовай гаспадарцы» ад 6 кастрычніка 1994 г., паводле якіх фарміравалася «прэзідэнцкая вертыкаль». Дэпутатаў бянтэжыла і тое, што Лукашэнка ўпарта не жадаў падпісваць закон аб Вярхоўным Савеце (пазней — аб прэзідэнце).
Таму Лукашэнка вырашыў выкарыстаць такі сродак палітычнай барацьбы, як агульнарэспубліканскі рэферэндум. У выпадку поспеху ўлада Лукашэнкі істотна б умацавалася.
Да таго ж, яскравым прыкладам таго, што нават у неспрыяльных умовах пры моцным адміністрацыйным рэсурсе можна выйграць рэферэндум, быў Ельцын, які, як вядома ў красавіку 1993 г. паспяхова правёў гэтую кампанію.
«Я терплю и буду терпеть, сколько нужно и какие угодно лишения, работать не покладая рук без сна и отдыха, но лишь когда буду уверен в счастливом будущем своей Родины»
Нягледзячы на заяву Лукашэнкі ад 2 лютага 1995 г., на працягу месяца абстаноўка ў рэспубліцы была больш-менш спакойнай. Кіраўніцтва рэспублікі рыхтавалася да візіту Барыса Ельцына ў Мінск, апазіцыя займалася стварэннем блока на будучых выбарах у Вярхоўны Савет 13-га склікання.
Сітуацыя ўзарвалася 10 сакавіка 1995 г., калі ў адпаведным нумары парламенцкай «Народнай газеты» быў надрукаваны ліст да прэзідэнта. «Я терплю и буду терпеть, сколько нужно и какие угодно лишения, работать не покладая рук без сна и отдыха, но лишь когда буду уверен в счастливом будущем своей Родины», — гаварылася ў пісьме. Аўтар ліста — Здзіслаў Вальняровіч з Гродзенскай вобласці — папярэджваў Лукашэнку: у выпадку рэферэндуму кіраўніку дзяржавы «придется перешагнуть не только через горький плач нашей интеллигенции и отчаянные крики оппозиции, перешагнуть и через мою кровь, через кровь сотен, тысяч, миллионов таких, как я».
Рэакцыя Лукашэнкі была маланкавай. Ён назваў ліст Вальняровіча «фальшивкой, изготовленной за доллары». 17 сакавіка 1995 г. выйшаў указ прэзідэнта №113 пад назвай «Аб асобных парушэннях заканадаўства ў дзейнасцi сродкаў масавай iнфармацыi». Пункт другі ўказа гласіў: «За публiкацыю матэрыялу пад рубрыкай «Пiсьмо да Прэзiдэнта» неўстаноўленага аўтара ў «Народнай газеце» за 10 сакавiка 1995 г., што заклiкае да насiлля i грамадзянскага процiстаяння, вызвалiць ад пасады галоўнага рэдактара гэтай газеты Сярэдзiча Iосiфа Паўлавiча». Па законе прэзідэнт не меў права вызваляць галоўнага рэдактара ад пасады, бо апошні прызначаўся выключна Вярхоўным Саветам. Аднак ва ўказе шла гаворка пра «канстытуцыйныя правы прэзідэнта па забеспячэнні стабільнасці, правоў і свабод грамадзянаў». Такія правы кіраўніку дзяржавы фармальна надаваў пункт 1 артыкула 100 прынятай летась Канстытуцыі. Нягледзячы на заклікі апазіцыі, Вярхоўны Савет не адстаяў галоўнага рэдактара ўласнага выдання. І галоўная прычына была ў тым, што большасць дэпутацкага корпуса таемна радавалася гэтай адстаўцы. Прызначаны ў ліпені 1990 г. галоўным рэдактарам, І. Сярэдзіч некаторымі публікацыямі хутка настроіў супраць сябе парламенцкую большасць. Першы такі званочак празвінеў ў студзені 1991 г., калі «Народная газета» распачала публікацыю твора Ф. Аляхновіча «У кіпцюрах ГПУ». Далей былі рэзкія артыкулы Зянона Пазняка «Пра Леніна і камуністаў», «О русском империализме и его опасности» і інш. Прасавецкія дэпутаты вінавацілі Сярэдзіча ў асабістых амбіцыях. Так, у кастрычніку 1992 г. дэпутат Іван Авін сцвярджаў, што Сярэдзіч «зазнался», «начал вообще бросать трубку в разговоре с депутатами».
21 сакавіка 1995 г., Лукашэнка, выступаючы перад Вярхоўным Саветам заявіў, што ліст Вальняровіча стаў «последней каплей в чаше антигосударственной политики» «Народнай газеты». Па словах прэзідэнта, ён падпісаў гэты ўказ у прысутнасці Сярэдзіча за 20 хвілін да свайго адлёту ў Капенгаген на саміт па еўрапейскай бяспецы.
Раз’юшаны прэзідэнт даў даручэнне вынайсці аўтара ліста. 21 сакавіка 1995 г. кіраўнікі МУС (Юрый Захаранка) і КДБ (Уладзімір Ягораў) заявілі дэпутатам, што чалавек з такім прозвішчам не прапісаны і не пражывае ў рэспубліцы.
Неўзабаве аўтар ліста знайшоўся. Да здзіўлення грамадскасці ім аказаўся не палітык, не актывіст БНФ, а нікому не вядомая, 29-гадовая выкладчыца Школы алімпійскага рэзерву Рэгіна Зімніцкая. Прычыну свайго з’яўлення Зімніцкая патлумачыла асабістай абуранасцю на словы Лукашэнкі аб фальшыўцы і доларах. Праз незалежную прэсу Зімніцкая патрабавала ў кіраўніка дзяржавы прабачэння.
Прыгажуня Рэгіна Зімніцкая, якая не пабаялася кінуць выклік прэзідэнту.
«Пратэстуем супраць здзекаў над нашым народам, над нашай Айчынай, над нашай Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь»
З другой дэкады сакавіка Прэзідэнт распачаў кампанію па рэферэндуме. 18 сакавіка газета «Звязда» надрукавала зварот 74 дэпутатаў да Лукашэнкі з патрабаваннем вынесці на рэферэндум пытанні аб новай сімволіцы і аб наданні рускай мове статуса дзяржаўнай. 22 сакавіка 1995 г. прэзідэнт афіцыйна перадаў пытанні на рэферэндум ў Вярхоўны Савет. Пасля стылістычнай апрацоўкі пытанні выглядалі такім чынам: «1) Ці згодныя Вы з наданнем рускай мове роўнага статусу з беларускай?; 2) Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба?; 3) Ці падтрымліваеце Вы дзеянні Прэзідэнта, накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расіяй?; 4) Ці згодныя Вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам у выпадках сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі?».
Ініцуючы пытанне аб змене сімволікі, улада, тым не менш, імкнулася не афішаваць новыя ўзоры. Гэты рэдкі кадр з Лукашэнкам змог на шаснаццатай сесіі Вярхоўнага Савета 12-га склікання зрабіць карэспандэнт апазіцыйнай «Свабоды», якую 20 сакавіка 1995 г. кіраўнік дзяржавы назваў «фашистской газетой».
Праект пастановы аб правядзенні рэферэндуму з вышэй пералічанымі пытаннямі парламентарыі пачалі разглядаць 11 красавіка 1995 г. Пункт першы праекта пастановы, паводле якой рэферэндум быў прызначаны на 14 мая 1995 г., быў паспяхова зацверджаны, але пры мінімальнай перавазе: за гэты пункт прагаласавалі 157 дэпутатаў пры кворуме ў 152 галасы.
Тады парламенцкая апазіцыя БНФ абвясціла галадоўку. Адмысловую заяву зачытаў Зянон Пазьняк. Неўзабаве да членаў дэпутацкай групы далучыліся некоторыя сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады (БСДГ). Усяго колькасць галадаючых дасягнула 19 чалавек, якія размесціліся ў Авальнай зале.
Галадоўка ў ВС прадстаўнікоў БНФ і членаў дэпутацкай групы БСДГ супраць рэферэндуму. Ля трыбуны злева направа: народныя дэпутаты Алег Трусаў, Сяргей Навумчык, Барыс Гюнтар, Леанід Баршчэўскі, Сяргей Антончык, Ігар Гермянчук, Уладзімір Заблоцкі. У левым верхнім куце — Аляксандр Лукашэнка. У прэзідыуме — старшыня Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб (злева), намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Іван Бамбіза (справа); за трыбунай — старшыня камісіі Вярхоўнага Савета па дзяржаўным будаўніцтве Уладзімір Леўчык. 11 красавіка 1995 г.
Лукашэнка адчуў, што галадоўка можа сарваць прыняцце рашэння парламентам: вынікі галасавання па пытаннях рэферэндуму былі незадавальняючыя. Парламентарыі зацвердзілі толькі адно — трэцяе — пытанне. Прэзідэнт злаваўся, гразіўся прыпыніць дзейнасць Вярхоўнага Савета, папярэджваў «карпенок и позняков», даказваў, што «на Западе мы никому не нужны», што «сегодня на Беларусь смотрят как на центр славянского мира, откуда может пойти возрождение этого славянства».
І прэзідэнт пайшоў на рашучыя захады. У ноч з 11 на 12 красавіка 1995 г. правахоўнымі і спецыяльнымі органамі галадаючыя дэпутаты былі гвалтоўна эвакуяваны з памяшкання Вярхоўнага Савета і моцна збітыя. Повадам паслужыў ананімны званок пра тое, што быццам бы ў парламенцкім памяшканні знаходзіцца ці то бомба, ці то міна.
Прэзідэнт і ягоныя паплечнікі даказвалі, што «никто никого не бил и не ломал», а самі галадаючыя дэпутаты быццам бы «угрожали кровопролитием, достали ножи, грозились отрезать себе головы».
Нягледезячы на патрабаванне збітых дэпутатаў прадэманстраваць відэакасету з запісам эвакуацыі, а таксама прад’явіць гэтую касету следчым, гэтага зроблена не было. Да сёняшняга часу не зусім вядома, сіламі якіх структураў была ажыццёўлена эвакуацыя.
Безумоўна, галадоўка дэпутатаў моцна паўплывала на кіраўніка дзяржавы. Праз шмат год у заключным слове на IV Усебеларускім народным сходзе Лукашэнка ўспомніць пра гэта.
«Собрались с приглашением правительства и прессы и врезали: кто по чарке, кто по две, кто по шесть, кто сколько мог. Никто никому не запрещал»
13 красавіка 1995 г. дэпутаты вярнуліся да разгляду пытанняў, прапанаваных Лукашэнкам. Прэзідэнту ў гэтым вельмі паспрыяла камісія ВС па дзяржаўным будаўніцтве на чале з Уладзімірам Леўчыкам. У той дзень Ул. Леўчык выступіў перад дэпутатамі і заявіў, што пытанні, прапанаваныя прэзідэнтам на рэферэндум, не супярэчаць закону аб народным галасаванні. Старшыня камісіі таксама абвясціў, што першыя тры пытанні маюць абавязковы характар, а чацвёртае — кансультатыўны. Ул. Леўчык прапанаваў не зацвярджаць пытанні асобна, а ў цэлым адобрыць пастанову, згодна з якой рэферэндум па чатырох пытаннях павінен адбыцца 14 мая 1995 г.
Разгарнуліся вострыя дыскусіі, пры гэтым абодва бакі (і прэзідэнт, і дэпутаты) не шкадавалі слоў і аргументаў, каб пераканаць адно аднаго, ужываючы моцныя эпітэты. Так, прэзідэнт параіў дэпутату Алегу Трусаву «не скалить зубы». Іншага дэпутата кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што калі той будзе «жевать» и «говорить», то можа «подавиться». У цэлым атмасферу ў Авальнай зале, якая панавала ў той дзень, А. Лукашэнка ахарактарызаваў так: «Вы меня уважайте как человека, а не президента. Тут посидишь — хоть застрелись, честное слово».
Як бы там ні было, 13 красавіка 1995 г. прэзідэнт атрымаў перамогу. За правядзенне рэферэндуму 14 мая 1995 г. па чатырох пытаннях аддалі свае галасы 177 дэпутатаў з 185, якія галасавалі. Гэта намнога перасягнула кворум (152 чалавекі). Праціўнікі рэферэндуму пераважна не галасавалі, пратэстуючы такім чынам і супраць парушэння дэпутацкага імунітэту начным збіццём.
З мэтаю задобрыць дэпутатаў прэзідэнт выкарыстоўваў банальныя рэчы, такія, як напрыклад, працаўладкаванне: «Вы здоровые мужики, каждый специальность имеет, приходите и скажите, где вы хотите работать. Давайте договоримся раз и навсегда, чтобы не трепали друг другу нервы». Лукашэнка хваліўся, што ўладкаваў на добрую працу дэпутатаў Вольгу Галубовіч (з апазіцыі БНФ) і Івана Авіна.
Падчас галасавання па пытаннях прэзідэнта 13 красавіка 1995 г. былы Старшыня ВС Станіслаў Шушкевіч заклікаў дэпутатаў думаць не аб банкеце, а аб дзяржаве. Высветлілася, што для дэпутатаў у апошні дзень сесіі сапраўды планаваўся шыкоўны банкет. Кіраўнік дзяржавы заклікаў парламентарыяў «выпить по сто грамм и по двести». 12 студзеня 1996 г., выступаючы на 1-й сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь XIII склікання, Аляксандр Лукашэнка ўспомніў пра гэты банкет «с приглашением правительства и прессы».
«А если увидит Позняк? Пусть он задушится!»
Маючы адбыцца плебісцыт стаў галоўнай палітычнай падзеяй рэспубліканскага маштабу, што зацміла сабой выбары дэпутатаў Вярхоўнага Савета, што адбываліся паралельна. Прэзідэнцкая каманда спрабавала выкарыстоўваць піяраўскія тэхналогіі, праяўляць вынаходлівасць, мабілізаваць на агітацыю некаторых беларускіх вядомых дзеячаў культуры і мастацтва (акцёр Уладзімір Гасцюхін, мастак Міхаіл Савіцкі і інш.).
Свайго роду паліттэхналягічнай навацыяй стала арганізацыя спецыяльнага тэлемосту «Рэферэндум-95» з удзелам самога Лукашэнкі. Адначасова прыхільнікі прэзідэнта імкнуліся дыскрэдытаваць БНФ у вачах насельніцтва, даказаць яго разбуральную сілу. Напярэдадні рэферэндуму была паказана вытрыманая ў духу найлепшых таталітарных прапагандысцкіх традыцый стужка рэжысёра Юрыя Азаронка «Дзеці хлусні». У фільме БНФ асацыяваўся з калабарантамі падчас акупацыі Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Вынікі рэферэндуму былі несуцяшальныя для апазіцыі. Па афіцыйных звестках Цэнтральнай выбарчай камісіі, з 4 млн. 830.582 чалавек, якія прынялі ўдзел у рэферэндуме па першым пытанні «за» прагаласавалі 83,3%, па другім — 75,1%, па трэцім — 83,3%, па чацвёртым — 77,7% выбаршчыкаў.
Беларускі прэзідэнт і яго асяроддзе не хавалі свайго задавальнення вынікамі рэферэндуму. Яны заяўлялі, што нацыяналістычныя сілы пасля паразы на рэферэндуме не маюць ніякага права на ўладу ў краіне. Ап’янелая поспехам, кіруючая каманда нават не спрабавала выканаць па некаторых пытаннях рэферэндуму фармальныя заканадаўчыя патрабаванні. Так, бел-чырвона-белы сцяг быў спушчаны з будынку адміністрацыі прэзідэнта ўжо 16 мая, яшчэ да абвяшчэння Цэнтрвыбаркамам афіцыйных вынікаў. Да таго ж новая дзяржаўная сімволіка, падтрыманая на рэферэндуме, патрабавала зацвярджэння Вярхоўным Саветам. Пры гэтым прэзідэнцкія малойчыкі на чале з начальнікам Кіраўніцтва справаў Прэзідэнта Іванам Ціцянковым здзейснілі акт блюзнерства: разарвалі бел-чырвона-белы сцяг на кавалкі, што з’яўлялася крымінальным злачынствам. На пытанне аднаго з падначаленых, што падумае пра гэта Пазьняк, Ціцянкоў адказаў даволі жорстка: «Пусть он задушится!»
Іван Ціцянкоў распісваецца на кавалках разарванага бел-чырвона-белага сцяга. Май 1995 г.
Усе спробы грамадскай актывісткі Таццяны Процькі прыцягнуць Івана Ціцянкова да адказнасці былі безвыніковымі.
Учынак Ціцянкова выклікаў абурэнне нават у некаторых бліжэйшых паплечнікаў Лукашэнкі. Так, у адным з інтэрв’ю Віктар Кучынскі заявіў, што лепш было сдаць бел-чырвона-белы сцяг у музей.
«От рыночного безумия к человеческому разуму?»
Рэферэндум атрымаў розныя, супярэчлівыя ацэнкі. Прэзідэнцкія прыхільнікі сцвярджалі, што змена сімволікі, раўнанне ў статусах рускай і беларускай моў былі неабходныя ў імя кансалідацыі грамадства, што права прэзідэнта распускаць Вярхоўны Савет ўмацавала баланс сіл, і што не было ніякай альтэрнатывы эканамічнай інтэграцыі з Расеяй.
Менавіта рэферэндум, сцвярджалі апалагеты першага падыходу, у прыватнасці, ў сваёй брашуры, выпушчанай неўзабаве пасля рэферэндуму, вядомы і цяпер Леў Крыштаповіч, стаў своеасаблівым пунктам адліку, калі пачаўся паварот ад рынкавага вар’яцтва да разуму.
Пракамуністычныя выданні кшталту «Мы и время» радасна кпілі з БНФ па выніках рэферэндуму. Чэрвень 1995 г.
Апазіцыя, наадварот, расцаніла рэферэндум як нацыянальную ганьбу, адзін з крокаў па знішчэнні беларускай мовы і культуры, ініцыяваныя расійскімі спецслужбамі па благаславенні імперскай Масквы. Уведзенае двухмоўе апазіцыя назвала «раздвоеным джалам гадзюкі», якое хоча «забіць беларускую душу, беларускую мову», знішчыць аснову беларускай дзяржаўнасці.
Адмоўную, але больш цвярозую ацэнку рэферэндуму спрабавалі даць незалежныя юрысты. Яны сцвярджалі, што пытанні, нягледзячы на іх неаднаразовыя карэкціроўкі, усё ж былі нібыта некарэктныя: па законе чалавек павінен адказваць за ці супраць, а не «так» і «не», значыць пытанняў тыпу «ці Вы падтрымліваеце » і інш. не павінна было быць.
Што ж спрыяла перамозе Лукашэнкі на рэферэндуме? Гэта цэлы комплекс рознага роду фактараў. Безумоўна, вялікае значэнне мелі асабістыя памкненні Лукашэнкі з дапамогай рэферэндуму разграміць сваіх палітычных праціўнікаў. Прэзідэнт апынуўся мэтанакіраваным і валявым палітыкам. Гэта нават прызнавалі зацятыя праціўнікі Лукашэнкі. Актыўны член парламенцкай апазіцыі БНФ Сяргей Навумчык неўзабаве пасля рэферэндуму ў рускамоўным артыкуле пад назвай «Цель» адзначаў: «При всем моем глубоком неуважении к этому человеку [Лукашэнку — Аўт.] вынужден констатировать у него таланта. Это даже не ораторское мастерство и не безграничный популизм. Это способность некоего труднообъяснимого, но чрезвычайно сильного, прямо-таки гипнотического воздействия на людей».
Немалаважным апынуўся і фактар Вярхоўнага Савета 12-га склікання, у якога, як аказалася, адсутнічае карпаратыўная этыка, згуртаванасць, ідэнтычнасць, г.зн. усё тое, што і характарызуе сапраўдны прадстаўнічы орган улады. Асабістыя амбіцыі, крыўды многіх дэпутатаў і на Сярэдзіча, і на парламенцкую апазіцыю БНФ аказаліся вышэй разумення неабходнасці кампрамісу, дыялогу і г.д. Менавіта на гэтым ўдала сыграў прэзідэнт.
Пры ацэнцы рэферэндуму 14 мая 1995 г. не варта скідаць з рахункаў і той факт, што пытанні, прапанаваныя Лукашэнкам, упалі на добрую глебу. Розныя прычыны (расійскі вялікадзяржаўны шавінізм эпохі імперыі, савецкія рэпрэсіі, адсутнасць кансалідаванага дысідэнцкага руху і г.д.) прывялі да таго, што Беларусі працэсы дэнацыяналізацыі, заняпаду мовы былі значна глыбей, чым у іншых рэспубліках. Так, зацвярджэнне 19 верасня 1991 г. у Вярхоўным Савеце герба «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга ў якасці дзяржаўных сімвалаў ішло з неймавернымі цяжкасцямі.
Такім чынам, рэферэндум 14 мая 1995 г. у Рэспубліцы Беларусь, ініцыяваны Лукашэнкам, выкарыстоўваўся не толькі ў якасці праверкі грамадскай думкі, але і як сродак барацьбы з палітычнымі супернікамі і апанентамі, умацавання легітымацыі выканаўчай улады, яе становішча. Вынікі рэферэндуму, акрамя ўсяго іншага, сведчылі, пра тое, што ў свядомасці пераважнай большасці беларусаў ідэі незалежнасці, культурнага адраджэння краіны на той час яшчэ не сталі агульнаграмадскімі каштоўнасцямі.
* * *
Загаловак ад Рэдакцыі. Загаловак і падзагаловак аўтара: «Рэферэндум 14 мая 1995 года: дваццаць год таму назад. 14 мая 1995 года адбыўся першы агульнарэспубліканскі рэферэндум у гісторыі Беларусі. Якія былі прычыны і вынікі гэтай палітычнай акцыі?»