27 ноября 2024, среда12:50

Общество

Ад Рэдакцыі: у чым фальсіфікацыя гісторыі пры святкаванні Перамогі

8 мая 2015, 15:36

Васіль Быкаў прайшоў вайну ад Дняпра да Дуная. Быў паранены, цудам застаўся жывы. З яго выпуску выжылі 4 хлопцы з 80. Калі Быкаў напісаў праўду пра вайну ў сваіх раманах, у чым яго звінавацілі? Правільна, у «фальсіфікацыі гісторыі», «дыскрэдытацыі подзвігу савецкага народа». І хто вінаваціў? Усё тайнае робіцца яўным: розныя пацукі тылавыя. Гэта іх ідэалагічныя нашчадкі цяпер […]

Васіль Быкаў прайшоў вайну ад Дняпра да Дуная. Быў паранены, цудам застаўся жывы. З яго выпуску выжылі 4 хлопцы з 80. Калі Быкаў напісаў праўду пра вайну ў сваіх раманах, у чым яго звінавацілі? Правільна, у «фальсіфікацыі гісторыі», «дыскрэдытацыі подзвігу савецкага народа».

І хто вінаваціў? Усё тайнае робіцца яўным: розныя пацукі тылавыя.

Гэта іх ідэалагічныя нашчадкі цяпер пафасна вяшчаюць на тэлеканалах і плошчах. А вуліцы Быкава ў Мінску — няма. І званне Героя Беларусі носяць іншыя героі, не Быкаў.

Гэтыя нашчадкі — грудзі ў медалях — без цені сораму крочаць у ветэранскіх калонах, хоць дзе, з кім яны ваявалі?

Як яны на сваіх «ток-шоу» напалі на прыбалтаў — вінаватых толькі ў тым, што яны адстойваюць сваю праўду пра тую вайну. Як яны цяпер нападаюць на Украіну, дзе перасталі ўжываць гэты прапагандысцкі тэрмін «Вялікая Айчынная вайна», а называюць яе проста Другой сусветнай. Як яны нападаюць на ўсіх, хто ў часе той вайны ваяваў не толькі супраць Гітлера, але адначасова і супраць Сталіна, другога ізверга.

Усе гэтыя георгіеўскія стужкі, якія так легкаверна і бяздумна чапляюць на машыны некаторыя нашы суграмадзяне, яны таксама не для памяці, яны для замацавання імперскага статусу Расіі — а значыць, і нашага буфернага, падпарадкаванага.

Словы Аляксандра Лукашэнкі з яго Паслання нацыянальнаму сходу: «Тая вайна каштавала нам мільёнаў жыццяў, і таму мы цвёрда ведаем: няма на Зямлі нічога даражэйшага за мір!» — правільныя. Але грош цана ўсяму нашаму святкаванню, калі ў нас з яго дапамогай замоўчваецца самая важная выснова. Беларусь у апошнюю вайну была чарговы раз выкарыстаная Імперыяй у якасці буфернай тэрыторыі, шчыта. Калі мы зноў будзем дазваляць выкарыстоўваць сябе ў якасці буфера, поля бою, калі мы забудзем наш нацыянальны інтарэс, то нас ізноў чакаюць нацыянальныя катастрофы, тут ізноў будзе выпаленая зямля, як у 1812 годзе, у 1915—1920 гадах і ў 1939—1945 гадах.

Маўчанне пра гэта — і ёсць самая страшная фальсіфікацыя гісторыі, за якую нам ці нашым унукам, барані Божа, калісьці зноў прыйдзецца заплаціць страшную цану.


Фото: polsha.org
Фото ua.depositphotos.com