24 ноября 2024, воскресенье05:05

Политика

Як Расея рыхтавалася «ўзьняцца з кален»

31 марта 2015, 9:16

Радыё Свабода публікуе фрагмэнты новай кнігі «Дзевяноста пяты» Сяргея Навумчыка. У гэтым разьдзеле — пра сытуацыю ў Расеі.

Такім чынам, сэнс беларуска-расейскіх пагадненьняў, падпісаных у пачатку 95-га, палягаў у тым, што ў адказ на значныя саступкі (бясплатны транзыт і ўтрыманьне расейскіх ваенных аб’ектаў на сваёй тэрыторыі) Беларусь павінна была атрымаць доступ да больш танных энэрганосьбітаў. «Эканамічная праграма», якую адразу пасьля абраньня прэзыдэнтам дэкляраваў Лукашэнка, пачала буксаваць: Лукашэнка не адважыўся на неабходныя рэфармісцкія крокі, якія непазьбежна пагражалі падзеньнем рэйтынгу.

Праўда, рэйтынг Лукашэнкі і без таго падаў. У такіх умовах кіраўніцтва Беларусі рабіла тое, што перад ім рабіў і ўрад Вячаслава Кебіча: праблемы кароткатэрміновай эканамічнай (і палітычнай) тактыкі вырашаліся коштам доўгатэрміновай стратэгіі. «Прывязваючы сябе да расейскіх пастаўшчыкоў, на думку шэрагу экспэртаў, Беларусь робіць крокі, якія шмат у чым зьмяняюць яе лёс як сувэрэннай дзяржавы» — адзначала ў тыя дні інфармацыйна-аналітычнае агенцтва «Павет».

А вось для Крамля тактычныя і стратэгічныя мэты супадалі. Падзеньне рэйтынгу прэзыдэнта Барыса Ельцына ў сувязі з вайной у Чачні, дзе расейскія вайскоўцы цярпелі паразы адну за другой (хаця і пакідалі пасьля сябе выпаленыя гарады і паселішчы), магло кампэнсавацца інтэграцыяй з Беларусьсю, якая ў вачах насельніцтва выглядала б значным зьнешнепалітычным посьпехам. Гэта — тактычны выйгрыш, што ж да стратэгічнага, дык Масква на той момант ужо выбрала шлях замацаваньня свайго ўплыву ў краінах СНД (хаця пра «рускі мір» з высокіх трыбунаў яшчэ не прамаўлялася).

І тут варта нагадаць, што ўяўляла з сябе Расея ў пачатку 1995 году, у тым ліку і вачыма заходніх аналітыкаў (якія, адзначым, далёка не заўсёды маглі ўплываць на меркаваньні вядучых палітычных лідэраў Захаду, якія ўсё яшчэ бачылі ў Ельцыне гаранта дэмакратыі, прычым ня толькі ў Расеі, але і ў былых савецкіх рэспубліках).

«Сёньня расейцаў апанавалі настроі нацыянальнага дзяржаўнага прыніжэньня. Гэтыя настроі падзяляюць сёньня ня толькі камуністы або жырыноўцы, але і прадстаўнікі ўсіх палітычных лягераў. Вінаватымі яны лічаць Амэрыку, Захад і астатніх, у тым ліку нярускіх, якія жывуць на абшарах Расейскай Фэдэрацыі. У гэтых умовах павялічваецца прага мець правадыра, які жалезнай рукой усталяваў бы парадак і ўратаваў Расею ад далейшага хаосу і, можа, развалу. .. Названымі прычынамі тлумачыцца і рэзка адмоўная пазыцыя Крамля адносна пашырэньня NATO. Дарэчы, напрыканцы лютага расейскі міністар Козыраў назваў дзьве ўмовы, пры якіх Расея магла б згадзіцца на гэта. А менавіта — на тэрыторыі будучых членаў блёку не павінна размяшчацца ядзерная зброя. Аднак Ельцын адразу пасьля гэтага ізноў засьведчыў, што катэгарычна нязгнодны з пашырэньнем NATO» — пісала «Свабода» у аглядзе замежнага друку ў красавіку 95-га.

Тут спыню цытаваньне — у пачатку 95-га Ельцын ужо быў ня тым Ельцыным, які ў жніўні 91-га ўлез на танк для абароны дэмакратыі ды заяўляў расейскім аўтаноміям, што яны могуць браць сувэрэнітэту столькі, «колькі змогуць вынесьці». Гэта быў ня той народны лідэр, які імкнуўся адкрыць Расею для Захаду. Ён знаходзіўся пад уплывам алігархаў, ужо паслаў танкі ў Чачню для здушэньня вызвольнага руху і набіраў у сваё атачэньне былых супрацоўнікаў спэцслужбаў, для якіх Захад, і асабліва Злучаныя Штаты, ніколі ня страчвалі статусу ворага.
Уладзімір Пуцін у той момант быў яшчэ ў Санкт-Пецярбургу на пасадзе віцэ-мэра, але ўжо, як потым прызнаецца, ува ўсю моц свайго чэксіцкага сэрца перажываў за прыніжэньне Расеі. Неўзабаве гэты сардэчны клопат будзе заўважаны, Пуціна забяруць у Маскву.

«Нямецкі міністар замежных спраў, — пісала далей „Свабода“, — змушаны быў папярэдзіць расейскае кіраўніцтва, што калі яно і надалей будзе толькі дыктаваць свае ўмовы, то можа пазбыцца падтрымкі ўраду ФРГ, які ўвесь час імкнецца дапамагаць Крамлю. Аднак у расейцаў, якія, як было зазначана, прагнуць рэваншу і на гэты выпадак падрыхтаваны контраргумэнт. Крэмль зноў пачне халодную вайну і паскорыць стварэньне ўласнага вайсковага блёку з краінаў СНД. Відавочна, што Беларусі ў гэтай расейскай гульні выпадзе бадай асноўная роля» («Свабода», 21 красавіка 1995).

Прыкметна, што ўваскрашэньне камуністычнай ідэалёгіі было ў той час уласьціва ня толькі для постсавецкіх краінаў, але і для былога сацыялістычнага лягеру, што прааналізавала ў студзені 95-га амэпыканская журналістка Эн Эплбаўм ў The Wall Street Journal Europe.

Гэта, увогуле, унікальны для заходняга друку артыкул, і ўнікальны менавіта тым, што ягоная аўтарка паспрабавала рэабілітаваць паняцьце «нацыяналізм», якое ва ўспрыманьні эўрапейскіх, і асабліва амэрыканскіх палітыкаў, мела выключна адмоўнае адценьне.

«І на Захадзе, і на Ўсходзе аглядальнікі заўчасна пагадзіліся, што былыя камуністычныя партыі дашчэнту змаралізаваныя, цалкам пераможаныя, а таму будуць толькі другаснай палітычнай сілай, — пісала Эплбаўм. — Большасьць верыла, што патэнцыйныя цяжкасьці могуць сыходзіць зь іншага боку — ад нацыяналістычных партый, што пачалі адраджацца ў стылі 1930-х гг… Сёньня ясна, што страх Захаду перад нацыяналізмам у Цэнтральнай Эўропе прывёў да няправільнага разуменьня праблемы і што спробы перашкодзіць разьвіцьцю так званых нацыянальных партый былі вялікай памылкай. Нідзе ў рэгіёне не адбылося адраджэньня нацыяналізму кшталту 1930-ых… Сёньня па ўсёй Цэнтральнай Эўропе былыя камуністычныя партыі трымаюць палітычную і эканамічную манаполію, якая будзе трываць яшчэ гады. … Цэнтральную Эўропу апанаваў не прывід 1930-ых, а старая італійская мадэль — карумпаваныя рэжымы, якімі кіруюць былыя камуністычныя партыі, што абапіраюцца на напаўмафіёзны бізнэс былой камуністычнай намэнклятуры».

Гэтыя словы сказаныя пра Ўсходнюю Эўропу, але яны супадаюць з ацэнкай сытуацыі з Беларусі, якую давала парлямэнцкая Апазыцыя БНФ: у выніку прэзыдэнцкіх выбарў 1994 году старая камуністычная намэнклятура саступіла месца маладзейшай, яшчэ больш агрэсіўнай і — вось у гэтым ужо была мясцовая асаблівасьць — гэтак жа пазбаўленай нацыянальнай сьвядомасьці.

У канцы студзеня ў Дзяржаўнай Думе Расеі былі заплянаваныя слуханьні па праблемах беларуска-расейскіх узаемаадносінаў, і Апазыцыі БНФ прапанавала ўключыць свайго прадстаўніка ў беларускую дэпутацкую групу. На пасяджэньні Ценявога Кабінэту Апазыцыі БНФ Пазьняк прапанаваў мне ўзяць удзел у слуханьнях і максымальна дакладна выкласьці расейскім дэпутатам стаўленьне да інтэграцыі Беларускага Народнага Фронту.

Увечары таго ж дня я вылецеў у Маскву.


На суде во время дачи показаний рядом с девушкой была собака, которая была предоставлена судом для эмоциональной поддержки жертвы. Скрин видео: france3paca / YouTube
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: pravo.by
Фото использовано в качестве иллюстрации media-polesye.com