Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання правяло перамовы з кіраўніком амерыканскай групы кампаній “Растэлі” Энтані Растэлі. Абмяркоўваліся пытанн6і паставак беларускай ялавічыны на сусветныя рынкі. Паводле інфармацыі ведамства, якую перадае БелаПАН, перамовы праходзілі ў штаб-кватэры “Растэлі” ў Нью-Джэрсі пры садзеянні амбасады Беларусі ў ЗША.
Гэтая група кампаній з’яўляецца адным з найбуйнейшых перапрацоўшчыкаў ялавічыны. У яе актыве чатыры мясаперапрацоўчых заводы і гандлёва-лагістычны комплекс з гадавым аб’ёмам вытворчасці болей за 1,2 мільярда долараў. “Растэлі” пастаўляе сваю прадукцыю ў 80 краінаў і ў асноўным арыентуецца на ЗША, Бліжні Усход, Паўночную Афрыку і Еўрасаюз.
Тры месяцы таму амерыканцы заключылі дамову з Гродзенскім мясакамбінатам, якая дазволіць прасоўваць беларускую ялавічыну на рынкі трэціх краін. За кароткі тэрмін прадпрыемства распрацавала новыя віды прадукцыі з ялавічыны спецыяльна для выхаду на замежныя рынкі.
Сёлета ў сакавіку Гродзенскі мясакамбінат наведаюць прадстаўнікі арабскіх эміратаў і кампаніі “Растэлі”. Па выніках аўдыту прымуць рашэнне аб допуску беларускай прадукцыі на рынак Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і ўвогуле Бліжняга Усходу.