Цікавяць педагогаў мясцовыя песні, якія захаваліся ў памяці палешукоў. Альшаны, Вялікія Арлы і Лядзец, Хотамель, Лука і Гарадная – вёскі, дзе яны ўжо пабывалі. Запісы ажыццяўляюцца на відэакамеру і ў сшытак ад рукі.
Мясцовыя спевакі і спявачкі, якія практычна ўсе знаходзяцца на заслужаным адпачынку, з задавальненнем дзеляцца тымі скарбамі вуснай народнай творчасці, што атрымалі ад сваіх бацькоў і дзядоў.
Адна з нядаўніх паездак – паездка ў Луку, падчас якой было запісана каля дзясятка песень. Загадчык Лукенскага вясковага клуба Вольга Пешка сцвярджае, што ў Луцэ заўжды былі таленавітыя спевакі і рукадзельніцы.
Тамара Дзенісовіч адзначыла, што запісаныя тэксты стануць часткай рэпертуару ўзорнага вакальнага ансамбля народнай песні “Весялінка” СШ №2 г.Століна. Калектыў будзе выконваць іх падчас сваіх выступленняў як на раённай сцэне, так і па-за межамі Століншчыны.
Намеснік дырэктара СШ №2 г.Століна, якая курырые арганізацыю дадатковай адукацыі ў школе, Наталля Мазоль дадала, што ў красавіку ў школу на сустрэчу запросяць людзей, ад якіх запісвалі цяпер песні. У рамках сустрэчы плануюць правесці канцэрт, дзе на адной сцэне выступяць і школьнікі, і тыя носьбіты паслескага фальклору, што прыедуць на сустрэчу.