У гэтым годзе сцены Лунінскай школы ўжо ў дзясяты раз сабралі ўдзельнікаў паэтычных чытанняў. Адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі пямяці Елянеўскага. Выступілі старшыня райвыканкама Васіль Міхайлавіч Агіевіч, дырэктар Лунінскай школы Сяргей Іванавіч Курак. Прысутнічалі і родныя Мікалая Елянеўскага – жонка Надзея Мікалаеўна і сын Андрэй.
У школе перад прысутнымі выступілі прадстаўнікі аблвыканкама, Брэсцкага дзяржуніверсітэта, райвыканкама і творчыя людзі.
Старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны рэдактар Іванаўскай раённай газеты “Чырвоная звязда” Анатоль Крэйдзіч уручыў узагароды пераможцам абласнога літаратурнага конкурса сярод дзяцей і юнацтва “Без дружбы мне – як без вады і хлеба”, прысвечанага 70-гадоваму юбілею паэтэсы Ніны Мацяш.
Далей удзельнікі фестывалю наведалі Цэнтр культуры і народнай творчасці ў в.Вулька 1, усклалі кветкі да помніка Якуба Коласа ў Лунінцы, азнаёміліся з выставай работ навучэнцаў Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў у кінатэатры “Кастрычнік”, а таксама завіталі ў цэнтральную бібліятэку.