Адкрыццё свята запланавана на 11 гадзін у чытальнай зале, дзе запрацуюць кніжныя выставы “Зорка палескага краю” і “Паэтычная спадчына Піншчыны”. Гасцям прэзінтуюць літаратурна-музычныя кампазіцыі “І для песні падказала словы роднае палескае сяло” і “Непрыручаная птушка Палесся”.
У час свята выступяць намеснік старшыні Пінскага райваканкама Іван Багатка і намеснік старшыні раённай арганізацыі “Белая Русь” Віалета Падлужная, паэты Анатоль Шушко, Марыя Кобец, Мікола Лаўровіч і інш.
А палове першай у вёсцы Рудка пройдзе ўскладанне кветак да мемарыяльнай шыльды на доме, дзе жыла Янішчыц.
У 14.00 распачнецца экскурсія ў літаратурны музей Я.Янішчыц у Парэцкай базавай школе, якую правядзе заснавальнік і дырэктар музея Антаніна Сідарук.
“Шкада, што не зможа прыехаць сын Яўгеніі Іосіфаўны Андрэй, – распавяла Медиа-Полесью выконваючая абавязкі дырэктара ЦРБ Алёна Анташук. – Ён штогод намагаўся прыехаць да нас, але сёлета так сталася. Будуць госці з Мінску, даследчыкі жыцця і творчасці паэткі, а таксама калегі”.
Арганізатары запрашаюць усіх аматараў літаратуры прыняць удзел ва ўрачыстасцях і ўзгадаць 20 лістапада знакамітую землячку Яўгенію Іосіфаўну Янішчыц.